САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,

пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г. Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.​Лойд-Джордж), Францыі (А.​Мільеран), Італіі (Ф.​Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл. Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб. краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала ад герм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав. Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)